Беларуская Служба

Папулярнасць вучобы ў польскіх ВНУ сярод беларусаў не скарацілася

29.10.2020 14:19
Жыхары Беларусі ці Украіны лічаць Польшчу бяспечнай і стабільнай дзяржавай.
Zdjęcie ilustracyjne
Zdjęcie ilustracyjneAntonio Guillem/shutterstock.com

Нягледзячы на праблемы, звязаныя з пандэміяй, колькасць замежных студэнтаў у польскіх ВНУ не скарацілася, а ў некаторых наадварот вырасла - чытаем на сайце выдання Dziennik Gazeta Prawna. Супрацоўнік прэс-бюро Варшаўскага ўніверсітэту Катажына Ягэр (Katarzyna Jäger) кажа, што сёлета ў ВНУ прыкладна столькі ж студэнтаў з-за мяжы, колькі было раней. А ў Лодзінскім універсітэце назіраецца рэкорднае зацікаўленне поўным цыклам адукацыі, хаця студэнтаў па абмене ў чатыры разы менш, чым у папярэднія гады. Ва ўніверсітэце імя Марыі Кюры-Складоўскай з васямнаццаці тысяч студэнтаў адна тысяча васямсот – іншаземцы. Вялікую групу складаюць студэнты з Беларусі ды Украіны. Расце таксама зацікаўленне вучобай у Польшчы з боку маладых людзей з Афрыкі ды Азіі.

Чаму не скарачаецца цікаўнасць замежных студэнтаў вучобай у Польшчы? Па-першае, калі хтосьці ўклаў ужо шмат часу ды энергіі ў падрыхтоўку, ён не хоча адмаўляцца ад выезду з-за пандэміі. Па-другое, людзі ў Беларусі ці Украіне лічаць Польшчу бяспечнай і стабільнай дзяржавай. Некаторыя пачынаюць вучыцца, а пазней да іх пераязджаюць блізкія сваякі. Гэта магчымасць вырвацца з менш прыязнага акружэння і атрымаць лепшую перспектыву на будучыню. А кошт жыцця ў Польшчы ўсё яшчэ адносна нізкі ў параўнанні з краінамі Заходняй Еўропы.

нг