Беларуская Служба

Жанчыны далей працуюць на дзве стаўкі - на працы і ў хаце

09.03.2021 15:11
Гэта, канешне, паступова мяняецца, але прагрэс ідзе павольна.
Аўдыё
Ілюстрацыйны здымакфота: Pixabay.com/sanuas/CC0 creative commons

Восьмы дзень сакавіка з’яўляецца нагодай, каб паразмаўляць пра сітуацыю жанчын у розных сферах жыцця. У далёкім 1909 годзе Сацыялістычная партыя Амерыкі ўпершыню зладзіла Дзень жанчын, праўда, было гэта 28 лютага, а не 8 сакавіка, але пазней менавіта сакавіцкі дзень стаў афіцыйным святам у многіх краінах свету. 

Калі некалькі дзясяткаў гадоў таму перастаў існаваць Савецкі Саюз, свята 8 сакавіка ў нашай частцы свету значна страціла сваё значэнне, хаця не ў Беларусі ці ў Расіі, дзе яно далей з’яўляецца афіцыйным дзяржаўным святам. У Польшчы па традыцыі жанчыны ў гэты дзень атрымліваюць дробныя падарункі, кветкі, але свята таксама натхняе да разважанняў пра правы жанчын, што ўдалося дасягнуць, і якая праца яшчэ перад барацьбітамі за роўныя правы.

Часта кажуць, што ў жанчыны дзве працоўныя стаўкі. Бальшыня жанчын, асабліва ў вялікіх гарадах, выконвае на поўную стаўку прафесійныя абавязкі, а таксама робіць большасць працы дома. Гэта, канешне, паступова мяняецца, але прагрэс даволі марудны. Ёсць пагаворка, што ў добрых сем’ях посуд мыецца сам, гэта значыць, што хатнія абавязкі выконваюць усе, таму нават не заўважаюць, як яны робяцца. Але хатняя праца таксама мае сваю цану. Аб гэтым сведчыць хаця б прысуд кітайскага суду, які вырашыў, што пасля разводу муж павінен заплаціць за пяць гадоў хатняй працы сваёй жонцы кампенсацыю ў памеры амаль 8 тыс. долараў.

Псіхолаг Катажына Кноп (Katarzyna Knopp) пацвярджае, што звычайна жанчыны выконваюць больш хатняй працы.

- Мы ўжо паступова адыходзім ад стэрэатыпу, што жанчына адказвае за дом, а мужчына гэтым не займаецца. Нашы погляды на хатнія справы мяняюцца. Але з іншага боку, сацыялагічныя даследаванні, розныя апытанні паказваюць, што дэкларацыі – адно, а жыццё – іншае. На самой справе значную колькасць хатніх абавязкаў, большасць з іх, выконваюць далей жанчыны.

У некаторых сем’яў, асабліва маладога пакалення, удаецца знайсці залатую сярэдзіну, гэта значыць, такім чынам падзяліць хатнія абавязкі, каб ніхто з сямейнікаў не адчуваў сябе пакрыўджаным, што менавіта ён выконвае большасць працы ў хаце. Адносна лёгка гэта зрабіць, калі муж і жонка жывуць у горадзе, працуюць на стаўку, ходзяць на працу ў акрэсленыя гадзіны, а не на змены. І няма ў іх дзяцей, бо дзеці – асобная тэма, трэба быць добрым менеджарам, каб умець уцягнуць у хатнія працы дзяцей такім чынам, каб яны паміж сабою не сварыліся, асабліва калі дзяцей некалькі і яны рознага ўзросту. Прыклад таго, як можна наладзіць жыццё сям’і, прыводзіць Яанна Бжыкцы (Joanna Brzykcy), якая вядзе свой блог, прысвечаны арганізацыі дамашняга жыцця.

- У нас гэта выйшла вельмі натуральна. Аднак мы не бегаем з анучкай штодзённа, а дзейнічаем па плану. Заўсёды ў чацвер ездзім за пакупкамі, разам. У пятніцу, пасля працы, прыбіраем у кватэры – каля двух гадзін. А вечарам сядаем, п’ем каву, гарбату, хто што любіць, глядзім разам фільм. Важна, каб была ўзнагарода ў выглядзе часу, праведзенага разам. І важна таксама разумець, навошта мы так робім менавіта ў пятніцу – дзеля таго, каб у суботу мець свабодны час, спакойна раніцай паснедаць у прыбранай кватэры.

Калі ў маладых сем’ях мужчыны ахвотна выконваюць частку хатняй працы, то ў старэйшым пакаленні надалей часта назіраецца жорсткі падзел – муж прыносіць грошы, а жонка займаецца домам. Праўда, гэты падзел паступова адыходзіць у гісторыю.

У сваю чаргу, на рынку працы жанчынам таксама як правіла цяжэй. Нягледзячы на тое, што па статыстыцы яны лепш адукаваныя, зарабляюць жанчыны менш, чым мужчыны на адной і той жа пасадзе. Пандэмія больш балюча ўдарыла па жанчынах – іх часцей звальнялі, чым мужчын. Шмат жанчын працуе ў такіх галінах, як турызм, гастраномія, гандаль, якія значна пацярпелі ад пандэміі. А нават калі жанчына працуе, яна амбітная і высокаадукаваная, ёй цяжэй, чым мужчыне, дабіцца значнага кар’ернага росту. Існуе так званая шкляная столь, якая не дае жанчынам выйсці паза нейкую планку. Гэтая з’ява звужаецца, але яна ёсць, – кажа старшыня кансалтынгавай кампаніі Maroney Group Івона Галёнка (Iwona Golonko).

- Канешне, шкляная столь у Польшчы ўвесь час існуе. Розныя ўстановы праводзяць на гэтую тэму даследаванні, якія пацвярджаюць, што бар’еры ёсць. Трэба сказаць, што гэтыя бар’еры паступова разбураюцца, пашыраюцца магчымасці на рынку працы, ёсць усё больш праграмаў менторынгу для жанчын.

Усё яшчэ даволі моцна трымаюцца стэрэатыпы аб тым, што жанчыны горш выконваюць некаторыя працы, напрыклад, што яны горш працуюць на вельмі адказных пасадах, паколькі павінны займацца домам і дзецьмі. Гэтыя стэрэатыпы ўплываюць і на заробкі – у Польшчы жанчыны зарабляюць на 5% менш, чым мужчыны. Гэта і так адносна невялікая розніца.

ПР/нг