Беларуская Служба

Аляксандр Ярашук: «Нявыплачаны заробак можа запусціць эфект даміно»

04.05.2021 17:55
Старшыня БКДП разважае, чаму ўлады не дазваляюць масавых мерапрыемстваў і адказвае на пытанне пра настроі беларускіх працоўных.
Аўдыё
Ілюстрацыйны здымакфота: Pixabay/niekverlaan/CC0 Creative Commons

Беларускія ўлады перасякаюць кожную актыўнасць беларускага грамадства, якая можа стаць пачаткам пратэстаў. Не выдаюцца дазволы на правядзенне ніякіх масавых мерапрыемстваў, нават тых, якія ў папярэднія гады дазваляліся ў абмежаваным варыянце, як, напрыклад, Чарнобыльскі марш ці адзначэнне гадавіны пракламацыі БНР.

Не стала выключэннем і акцыя, прымеркаваная да Дня салідарнасці працоўных 1 мая. Старшыня Беларускага кангрэса дэмакратычных прафсаюзаў Аляксандр Ярашук падаваў заяўку на правядзенне мітынгу ў гэты дзень, але дазволу не атрымаў. Мы гутарым з ім пра прычына адмовы і пра настроі на беларускіх прадпрыемствах.

- Была адмова на Дзень Волі 25 сакавіка, на 26 красавіка, Чарнобыльскі шлях. 1 мая не стаў выключэннем. На двух старонках паперы з Гарвыканкаму нам патлумачылі, чаму адмаўляюць – гэта і адсутнасць дамовы з камунальнымі службамі (а мы не збіраемся ім плаціць), эпідэмія, а таксама мы быццам бы парушылі тэрміны падачы заяўкі, што нас развесяліла.

Абсалютна відавочна, што ўлады баіцца дазваляць мерапрыемствы. Сёння беларускім працоўным ёсць што патрабаваць, таму што дэфолт і з правамі працоўных адбыўся, і эканамічная сітуацыя не лепшая, заробкі зніжаюцца. Патрэбныя эканамічныя рэформы, таму што эканамічная палітыка цалкам збанкрутавала.

Пратэстныя настроі на прадпрыемствах нікуды не зніклі, пратэсты могуць пачацца ў кожную хвіліну. Іх выклікаць можа эканамічны чыннік, далейшае павышэнне ўзроўню гвалту або нявыплачаны заробак, які запусціць эфект даміно. Улады сядзяць на парахавой бочцы, і яшчэ бегаюць навокал гэтай бочкі з адкрытым агнём.

Слухайце аўдыё

нг