Беларуская Служба

У выданні «Часопіс» закранаецца тэматыка Выклятых жаўнераў

09.05.2021 08:49
Суд у Гайнаўцы апраўдаў асоб, якіх паліцыя абскардзіла за нібыта парушэнне парадку падчас няслаўнага маршу Выклятых жаўнераў.
Майскі нумар выданняфота: Наталля Грышкевіч/БСПР

Як штомесяц, мы прапануем вам агляд свежага нумару «Часопіса». Гэта друкаванае выданне польскіх беларусаў, якое выходзіць раз у месяц у Беластоку. «Часопіс» друкуецца на дзвюх мовах – польскай і беларускай, а таксама рознымі правапісамі.

На першай старонцы апошняга нумару артыкул галоўнага рэдактара выдання Юркі Хмялеўскага, прысвечаны Фэйсбуку. Журналіст піша, што толькі нядаўна ён прымусіў сябе больш актыўна пачаць дзейнічаць у сацсетках, паколькі да гэтага часу ён не мог зразумець, каму цікава даведвацца, што хтосьці пасадзіў у сваім агародзе новыя расліны ці нешта іншае зрабіў дома. Хмялеўскі не хацеў уключацца ў нічога не значныя дыскусіі ці спрэчкі.

Аднак стаць актыўным «фэйсбуковічам» яго схілілі апошнія ініцыятывы, між іншым, падрыхтоўка інтэрнэт-парталу, прысвечанага Востраму Вялікаму. І дзякуючы сваёй актыўнасці Юрый пераканаўся, наколькі эфектыўным інструментам з’яўляецца Фэйсбук, ён атрымаў шмат водгукаў на свае пасты.

Ёсць людзі, якія актыўныя ў сацсетках з раніцы да ночы, а яны ж працуюць. Ці гэта нейкая разнавіднасць залежнасці, што ім так падабаецца гэтая сучасная забава? Зусім неабавязкова. У сацсетках можна таксама нядрэнна падзарабіць, а для некаторых такая дзейнасць становіцца крыніцай асноўнага заробку. Дарэчы, не толькі карыстальнікі зарабляюць на Фэйсбуку, на карыстальніках зарабляе таксама сама сацсетка, пра што не кожны з нас памятае – падсумоўвае Юрка Хмялеўскі.

 

У канцы сакавіка суд у Гайнаўцы вынес апраўдальны прысуд асобам, якіх паліцыя абскардзіла за нібыта парушэнне парадку падчас няслаўнага маршу Выклятых жаўнераў у 2020 годзе. Адной з іх з’яўляецца Анна Мароз, якая тады разам з некалькімі дзясяткамі іншых актывістаў з арганізацыі Грамадзяне РП заступіла дарогу ўдзельнікам маршу. Вось фрагменты яе прамовы на судовай справе:

«...Дзяржаўнае свята Выклятых жаўнераў стала цяжкім часам для нас, жыхароў Гайнаўкі. З усяе Польшчы прыязджаюць сюды людзі, якія па незразумелых прычынах хочуць нас абражаць. Я не магла пасіўна прыглядацца, як яны ідуць з транспарантамі «Буры – наш герой», выкрыкваюць «А на дрэвах, замест лістоў, будуць вісець камуністы». Для мяне гэта марш нянавісці.

Кожны год я прымаю ўдзел у паніхідзе памяці 79 ахвяр Рамуальда Райса (Бурага) – злачынцы, ката, забойцы мірных жыхароў – жанчын і дзяцей. Тут нельга маўчаць, таму я выйшла, каб паўстрымаць тых, хто з нянавісцю зневажаюць нашу супольнасць – праваслаўных, членаў нацыянальнай меншасці... Я выразіла пратэст, каб Бурага не называлі героем. Забойца старыкоў і дзяцей не можа быць героем», – заявіла Анна Мароз у судзе.


Закранаецца ў выданні і тэматыка, важная для ўсіх жыхароў як Польшчы, так і Беларусі, ды і свету таксама. Гэта, зразумела, каранавірус, які ўжо больш за год з намі. За гэты час у Польшчы памерла амаль паўмільёна грамадзян – найбольш з часоў Другой сусветнай вайны. На Падляшшы хварэе менш людзей, чым у цэнтральнай ці паўднёвай частцы краіны. Але і тут няма сям’і, у якой хтосьці родны або знаёмы не хварэў.

Цяпер уся надзея ў вакцынах. Калі да канца лета ўдасца прышчапіць пад 80% грамадзян, што прадугледжваюць улады, магчыма, пандэмія скончыцца. Але пагроза і так канчаткова не знікне. Выглядае на тое, што звычкі санітарнага рэжыму застануцца на доўга. Людзі будуць пабойвацца збірацца ў натоўпы. Цяпер цяжка ўявіць вялікую ціскатню, як яшчэ нядаўна, напрыклад, на канцэртах.

Шматлюдныя забавы і культурніцкія мерапрыемствы – пакуль толькі гісторыя. Беларускія арганізацыі на Падляшшы доўга не падымуцца, каб разгарнуць сваю дзейнасць. Неабходна перайсці на іншыя віды дзейнасці – адрасаваныя не для масавага гледача, а для меншай публікі. Затое як мага часцей і ў разнастайных месцах.

Каранавірус балюча крануў і царкоўнае жыццё. Цэрквы апусцелі, хаця не надта. На нядзельных і святочных літургіях прысутнічае і так больш вернікаў, чым дазволена. Многія аднак перасталі ўдзельнічаць у набажэнствах, паколькі баяцца заразіцца.

І падумаць, што ў даўніх вяках было зусім наадварот. Падчас эпідэміяў людзі ратаваліся малітвай якраз у цэрквах, ставілі крыжы на Святой Гары Грабарцы. Ну, але мы цяпер жывем у цалкам іншым часе, калі, як некаторыя кажуць, свянцонай вады і чорт не баіцца. А памаліцца можна і дома..., – чытаем у выданні «Часопіс».

нг