Беларуская Служба

Арбарысты – гэта людзі, якія дапамагаюць дрэвам

09.05.2021 12:34
Дрэвы – гэта важны фактар экасістэмы, і не толькі гарадской.
Паслязімовы лесNatalia Vinokurova/ Shutterstock

Арбарысты – гэта людзі, якія даглядаюць дрэвы. Гэта прафесіяналы, якія ведаюць, што і дзе падрэзаць, каб захаваць раўнавагу экасістэмы і не знішчыць дрэва. Наш сённяшні госць  з'яўляецца заснавальнікам крамы polskiarborysta.pl, а таксама аўтар блога blog arborysty Матэвуш Сас.

 

Спадар Матэвуш, хто такі арбарыст?

-Агулам арбарыст займаецца дагляданнем дрэваў, толькі тут варта трошкі абмежаваць гэтае пытанне. Людзям здаецца, што арбарыст – гэта чалавек, які скача па дрэвах і абрэзвае галіны. Гэта не так. Арбарыст - гэта таксама чалавек, які займаецца доглядам новых дрэваў, насаджэннем, дыягностыкай дрэваў. Такім чынам можна сказаць, што людзі, якія працуюць з каронай дрэва, гэта часта не арбарысты, а проста вышынныя працаўнікі, якія выконваюць працэдуру, не заўсёды ведаючы, чаму яны робяць гэта такім або іншым чынам. І, напрыклад, гэтую працу ім даручаюць арбарысты, якія кажуць, што і як трэба зрабіць, а чалавек на вышыні, не заўсёды – арбарыст.

 

Значыць, калі я добра зразумеў, не кожны, хто працуе з дрэвам у нашых гарадах, гэта арбарыст. Ці кожны тады можа працаваць з дрэвам і як гэта ўплывае на захаванне яго ўласцівасцяў?

-Праўда, гэта вельмі важны элемент, бо чалавек, які працуе з каронай дрэва і не мае паняцця ў гэтым пытанні, часта можа яе знішчыць. Мы гэта часта бачым у гарадах і церпім па гэтай прычыне, бо дрэвы знішчаюцца падчас неадпаведных працэдур. І гэта шматбаковая праблема як таго, хто даручае заданне, так і таго, хто займаецца доглядам. Калі яны пагаджаюцца на шкодныя працэдуры, гэта абазначае, што яны не арбарысты.

 

У Польшчы, прынамсі ў тых гарадах, якія я памятаю з дзяцінства і параўноўваю з тым, што зараз, катэгарычна змяншаецца колькасць дрэваў у гарадской экасістэме. Напэўна ў некаторых беларускіх гарадах сітуацыя падобная. Чым такое вырубванне дрэваў у гарадах пагражае? Акрамя таго, што ўлетку няма куды схавацца ад спёкі?

-Канешне, гэта магчыма, але тэндэнцыя, якую зараз бачым, калі кажам пра вырубку старых дрэў, якія знаходзяцца ў гарадах, звязаная з няправільным доглядам у мінулых гадах. На жаль, гэтыя дрэвы часта мусяць быць выдалены. Але гэта звязана з тым, што імі займаліся тыя людзі, пра якіх мы казалі раней, а не арбарысты, якія маюць адпаведныя веды. Асноўнай праблемай з’яўляецца адсутнасць шматгадовага плану догляду. Кожнае дрэва павінна мець такі 20-гадовы план догляду і праца павінна ісці згодна з такім планам. Тым часам амаль кожны год робіцца экспертыза, з рознымі вынікамі, розным падыходам і ў выніку няма плану дзеянняў. Наступствамі гэтага з’яўляецца паяўлянне грыбоў, паразітаў, з якімі немагчыма змагацца пазней. Адзіны выхад - гэта выразаць чарговыя часткі і ў пэўны момант дрэва настолькі слабое, што яго трэба вырубаць. Да таго ж важна, каб насаджваць новыя дрэвы. Цяпер ёсць свайго роду мода на такія дзеянні. Праблема, аднак, зноў жа такая – няма плану догляду. Няма ідэяў, як падтрымліваць такія дрэвы. Яны вытрымаюць 5-6, максімальна 10 гадоў і потым іх заменяць новымі. Даследаванні кажуць, што дрэвы пры сённяшнім спосабе догляду і гарадской эканоміцы няздатныя вытрымаць больш чым 20 гадоў. Так што магчыма, што неўзабаве ў вялікіх гарадах не будзе вялікіх дрэў, бо сам працэс іх догляду вядзе да смерці.

 

Гэта ў нейкім сэнсе абазначае, што без дрэваў няма гарадоў, але перадусім важна, каб пра гэтыя дрэвы думаць і пастаянна іх даглядаць, бо занядбанне можа давесці да сумных наступстваў?

-Перадусім, тое пра што вы ўспаміналі. Водная гаспадарка, гаспадарка цяплом, адсутнасць цені, нам няма куды схавацца, а і глеба засушваецца... Утрыманне ўсялякіх кветнікаў цяжэйшае, церпіць уся экасістэма. І ўспрыманне горада чалавекам горшае. Ёсць даследаванні, якія паказваюць, што людзі акружаныя зялёнай натурай адчуваюць сябе лепш, больш упэўнена, чым дома. Тым часам, калі нас атачае штучнае, бетоннае асяроддзе, мы больш нярвуемся, становімся менш эфектыўнымі ў жыцці, у працы і ў штодзённасці.

 

Пра арбарыстыку, тое, чаму дрэва і зялёныя месцы ў гарадах важныя для нас, як і ўсёй экасістэмы, мы паразмаўлялі з заснавальнікам крамы polskiarborysta.pl, а таксама аўтарам блога blog arborysty Матэвуш Сасам.


Альберт Ежы Вяжбіцкі