Беларуская Служба

У закрытым працэсе судзяць уладальніка медыя, "Галерэі Ў" Аляксандра Васілевіча

25.01.2022 16:45
Аляксандр Васілевіч – бізнесмен заўважны ў культурнай сферы краіны.
Аўдыё
  • Аляксандр Васілевіч – бізнесмен заўважны ў культурнай сферы краіны.
 .
Аляксандр Васілевіч.Фота: Facebook

Гэта ён быў уласнікам прасторы «Галерэя Ў» – месца, дзе адбылося шмат выстаў, сустрэч, культурніцкіх праектаў па-за пільным вокам і кантролем дзяржавы. Васілевіч таксама сузаснавальнік онлайн-выданняў kyky.org і «The Village Беларусь», уладальнік рэкламнага агенцтва «Vondel/Hepta».

Цяпер Васілевіча пачалі судзіць па артыкуле 243 крымінальнага кодэкса за «Ухіленне ад выплаты падаткаў». Суд зрабілі закрытым, зрэшты амаль усе гучныя палітычныя працэсы цяпер праходзяць за закрытымі дзвярыма. Падрабязнасцяў гэтых спраў ніхто не ведае.

– Крымінальная справа за падаткі. Артыкул, які прадугледжвае абмежаванне волі да пяці год ці калонію ад трох да сямі год. Першы запыт быў перавесці суд у закрыты рэжым. Мы не зможам даведацца, што там адбываецца. Думаю, што наступная інфармацыя, якую мы даведаемся, будзе пра прысуд. Бо адвакаты таксама не могуць нічога распавядаць, апроч таго, як ён сябе адчувае, як выглядае, – гаворыць Надзея Зелянкова, жонка Аляксандра Васілевіча.

Ці сапраўды Васілевіч эканамічны злачынца? Яго затрымалі ў офісе ўласнай кампаніі 28 жніўня 2020 года. А ў ліпені таго ж 2020-га Васілевіч адседзеў 14 сутак арышту за тое, што прынёс у КДБ заяву з хадайніцтвам за кандыдата ў прэзідэнты Віктара Бабарыку. Васілевіч быў валанцёрам штабу Бабарыкі.

Такім чынам Аляксандр Васілевіч правеў у СІЗА да суда больш за 500 дзён. Праваабаронцы прызналі яго палітвязнем, а Аляксандр Лукашэнка, да слова, запрашаў на незвычайны «круглы стол» у СІЗА КДБ восенню 2020 года.

Надзея Зелянкова, жонка Васілевіча, з’ехала з Беларусі цяжарная. За час, што Аляксандр за кратамі, у яго нарадзілася другая дачка Уршуля. Надзея кажа, што лісты даходзяць стабільна, яна дасылае мужу фотаздымкі дачкі.

Надзея гаворыць, што рэкламныя агенцыі, медыя, якія заснаваў яе муж, працягваюць працаваць.

Што тычыцца бачання, як будзе агулам развівацца сітуацыя, Надзея Зелянкова адмаўляецца нешта прагназаваць:

– Падаецца, што гэта залежыць шмат ад якіх фактараў. І вера людзей у перамогу – толькі адзін з іх. Узровень рэпрэсій велізарны, і людзі баяцца нават прамаўляць нешта, не кажучы ўжо пра дзеянні. Рэпрэсіі працягваюцца, мы бачым гэта па навінах, па падзеях. У мяне няма ніякага прагнозу.

вх