Беларуская Служба

Рэжым Лукашэнкі адмыслова завозіць мігрантаў з Ірака ў Беларусь

12.06.2021 17:33
Далей іх перапраўляюць нелегальна праз мяжу ў Еўропу, паведамляе Telegram-канал Nexta.
Здымак мае ілюстрацыйны характарImage by lamuk_lamuk from Pixabay/CC0

 У Беларусь іракцы трапляюць дзякуючы дзяржаўнаму тураператару «Цэнтркурорт" праз "Іракскія авіялініі» (Iraqi Airways). «Цэнтркурорт» належыць Кіраўніцтву справамі прэзідэнта. Гэтая ўстанова складае спісы іракцаў, робіць запрашэння, падае дакументы памежнікам у аэрапорце. Журналісты звяртаюць увагу на тое, што па прылёце іракцы надзвычай хутка праходзяць дагляд і атрымліваюць візы.

У выніку беларуска-літоўскую мяжу пачынаюць масава пераходзіць грамадзяне Ірака, якія такім чынам апынуліся ў Беларусі. Літоўская Служба аховы дзяржаўнай мяжы апублікавала відэа, на якім беларускія памежнікі прыбіраюць сляды ў тым месцы, дзе незадоўга да гэтага група іракцаў незаконна перайшла мяжу.

Гэта не першы раз, калі нелегальныя мігранты выкарыстоўваюцца дыктатарскімі рэжымамі, кажа палітолаг Павал Усаў.

- Падобныя захады ладзіў расійскі рэжым Пуціна. Калі гэтая інфармацыя ў дачыненні да Лукашэнкі пацвердзіцца, яго чакаюць яшчэ большыя санкцыі з боку Захаду. Ён фактычна стане піратам адказным за гандаль людзьмі.

Нелегальных мігрантаў з Ірака стала так шмат, што ў літоўскім Цэнтры рэгістрацыі бежанцаў закончыліся месцы. Літва пачала ў экстранным парадку будаваць намётавы гарадок для мігрантаў на 350 чалавек.

юл